ФІНА́НСАВЫ КРЫ́ЗІС,
глыбокае разладжванне дзяржаўнай фінансавай, грашовай сістэмы. Праяўляецца ў рэзкай неадпаведнасці даходаў бюджэту іх выдаткам, нестабільнасці і падзенні валютнага курсу нац. грашовай адзінкі, узаемных неплацяжах эканам. суб’ектаў, неадпаведнасці грашовай масы ў абарачэнні патрабаванням грашовага абарачэння. Выяўляецца ў хранічным бюджэтным дэфіцыце, выклікае інфляцыю. Рост бюджэтнага дэфіцыту выклікае вял. павелічэнне дзярж. доўгу, а плата працэнтаў па ім у сваю чаргу абцяжарвае бюджэт і павялічвае яго дэфіцыт. Звязаная з бюджэтным дэфіцытам пагроза інфляцыі падрывае дзярж. крэдыт. Напружанае становішча дзярж. бюджэту і дзярж. крэдыту непазбежна цягне за сабой рост падаткаў і адпаведна зніжэнне рэальнай заработнай платы. Ф.к. звычайна звязаны з агульнымі крызісамі эканамічнымі, якія перыядычна паўтараюцца ў рыначнай эканоміцы.
т. 16, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)